ТЭХНАЛО́ГІЯ МЕТА́ЛАЎ,

сукупнасць спосабаў атрымання і апрацоўкі металаў навуковая дысцыпліна, якая распрацоўвае гэтыя спосабы. Ахоплівае ўсе асн. працэсы металургіі: падрыхтоўку метал. руд, здабыванне з іх металаў, вытв-сць метал. сплаваў, атрыманне з іх загатовак і дэталей. Як навук. дысцыпліна Т.м. звязана з металазнаўствам, фізічнай хіміяй і інш., яе асновай былі металаграфія, металургічная хімія і асновы тэорыі рэзання металаў. З пашырэннем выкарыстання канструкцыйных матэрыялаў на неметал. аснове (пластмасы, шкло, кераміка, гума і інш.) паняцце «Т.м.» паступова замяняецца паняццем «тэхналогія матэрыялаў» (матэрыялазнаўства).

З металургічных працэсаў Т.м. уключае таксама апрацоўку металаў ціскам, тэрмічную апрацоўку, тэрмамеханічную апрацоўку, хіміка-тэрмічную апрацоўку; з неметалургічных — тэхналогію ліцейнай вытворчасці, зварку і пайку металаў, апрацоўку металаў рэзаннем, электрафізічную апрацоўку, электрахімічную апрацоўку, нанясенне на метал ахоўных пакрыццяў. У Расіі навук. асновы Т.м. заклалі П.П.Аносаў і Дз.К.Чарноў. Значны ўклад у развіццё Т.м. зрабілі рас. і ўкр. вучоныя А.А.Байкоў, А.А.Бочвар, Я.А.Патон, Б.Я.Патон, В.​М.​Свечнікаў, К.​Ф.​Старадубаў і інш.

На Беларусі праблемы Т.м. даследуюцца ў Бел. нац. тэхн. ун-це, Фізікатэхн. ін-це, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, БДУ, галіновых НДІ.

Літ.:

Технология металлов. М., 1974;

Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985;

Никифоров В.М. Технология металлов и конструкционные материалы. 7 изд. Л., 1986.

А.​П.​Ласкаўнёў, У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)